МАСТАЦКI КIРАЎНІК ТЭАТРА - ЗАСЛУЖАНЫ ДЗЕЯЧ МАСТАЦТВАЎ, ЛАЎРЭАТ
ДЗЯРЖАЎНАЙ І СПЕЦЫЯЛЬНАЙ ПРЭМІІ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ,
ПРАФЕСАР
ВАЛЕРЫЙ АНІСЕНКА
Кіруе тэатрам з 2000 года.
За перыяд з 2000 па 2004 год стварыў, фактычна, новы тэатр са сваім адметным
абліччам і творчым
почыркам. Сабраў выдатную трупу, якой па сілах любы, нават самы складаны
спектакль.
Як рэжысёр-пастаноўшчык В.Д.Анісенка паставіў
каля 20 спектакляў у Беларусі і за яе межамі. Сярод найбольш вядомых і атрымаўшых
вялікі пазітыўны рэзананс у беларускай і замежнай прэсе пастановак такія, як
"Усё яго жыццё" Я.Габрыловіча (Тэатр-студыя кінаакцёра), "Машэка" М.Арахоўскага
(Брэсцкі аблдрамтэатр), "Гамлет" У.Шэкспіра (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя
Янкі Купалы. Гэты спектакль прадстаўляў тэатральнае мастацтва Беларусі на фестывалі
ў Іспаніі ў 1997 годзе), беларуска-ізраільскі праект "Толькі дурні сумуюць"
Д.Альмагора, франка-беларускі праект "Чарнобыльская малітва" С.Алексіевіч, гістарычная
драма "Понцій Пілат" А.Курэйчыка і інш. Спектакль "Рычард" і супольная беларуска-англійская
пастаноўка "Макбет" (абедзве - па творах У.Шэкспіра) атрымалі вышэйшую адзнаку
на Эдынбургскім фестывалі ў 1995-1996 гг. Спектаклі В.Д.Анісенкі з поспехам
ішлі ў Маскве, Гданьску, Лондане, Растоку, Эдынбургу, Сібіу, Каіры і іншых гарадах
свету. Спектакль "Жанчыны Бергмана" М.Рудкоўскага (пастаноўка В.Д.Анісенкі)
з поспехам удзельнічаў у фестывалі нацыянальнай драматургіі ў г. Бабруйску (лістапад
2001г.), фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ў г. Бранску (май 2002
г.), ІХ Міжнародным тэатральным фестывалі ў г. Сібіу (Румынія, чэрвень 2002
г.), у ХV Міжнародным фестывалі ў г. Каіры (Егіпет, верасень 2003 г.), у І Міжнародным
тэатральным форуме "Залаты Віцязь" г. Маскве (Расія, лістапад 2003 г.)
Спектакль "Понцій Пілат" паводле п'есы А.Курэйчыка
(пастаноўка В.Д.Анісенкі) стаў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю "Адкрыты фармат"
(г.Мінск, лістапад-снежань 2003 г.).
В.Д.Анісенка вядомы не толькі як тэатральны рэжысёр,
але і як пастаноўшчык мастацкіх тэлефільмаў - "Паляванне на апошняга жураўля"
паводле аповесці А.Жука (1986), "Крык чайкі" А.Асіпенкі (1984), "Прывід" М.Арахоўскага
(1991). Ім створаны таксама дакументальныя відэастужкі "Чорная быль Беларусі"
(1990), "Кадзіш" (1992), "Мой Эдынбург" (1996). На Беларускім радыё В.Д.Анісенка
паставіў каля 100 спектакляў паводле лепшых твораў беларускай літаратуры - А.Адамовіча,
В.Быкава, Н.Гілевіча, Ул.Караткевіча, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава, І.Шамякіна і інш.,
стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за дасягненні ў дзейнасці радыётэатра
- радыёспектаклі паводле твораў Васіля Быкава "У тумане" і "Кар'ер".
В.Д.Анісенка вядомы ў тэатральным свеце як выдатны
лектар і педагог. Ён чытаў свае лекцыі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
У афіцыйнай праграме ХХVIII Міжнароднага фестывалю ў Іспаніі (г.г. Барселона,
Сітчэс) ён прачытаў курс лекцый па драматургіі У.Шэкспіра ("Рычард", "Макбет",
"Гамлет"). Сваю педагагічную дзейнасць ён распачаў у 1972 г. у Беларускім тэатральна-мастацкім
інстытуце. З 1996 г. ён працуе на пасадзе прафесара кафедры тэатральнай творчасці
БДУ культуры. В.Д.Анісенка ў 2002г. выпусціў курс выдатна падрыхтаваных прафесіяналаў,
дзве трэціх якога склалі значную частку трупы Рэспубліканскага тэатра беларускай
драматургіі, дзе выступаюць і ў якасці акцёраў, і як сарэжысёры-пастаноўшчыкі
шэрагу спектакляў. Гэта Ганна Арыніч-Анісенка, Вераніка Буслаева, Андрэй Дабравольскі,
Аляксандр Марчанка, Максім Паніматчанка і Наталля Халадовіч. Сярод вучняў В.Д.Анісенкі
(усяго ім было падрыхтавана больш за сто чалавек) такія вядомыя акцёры, як народны
артыст Беларусі А.Ткачонак, кінарэжысёр Сяргей Шульга, акцёры Алег Караткевіч,
Валянціна Багданава, Ігар Нікалаеў, Андрэй Кармунін, Валерыя Войчанка, драматург
Андрэй Карэлін і шмат іншых.
В.Д.Анісенка вядзе плённую навукова-даследчую
і навукова-метадычную працу. Ім апублікаваныя тэксты лекцый "Конспект по Шекспиру"
на рускай, іспанскай і англійскай мовах (Мн., Арлекін, 1997. - 64с.), а таксама
шэраг артыкулаў у рэспубліканскай і замежнай прэсе.
За час сваёй дзейнасці В.Д.Анісенка быў неаднаразова
ўзнагароджаны за творчыя дасягненні. У 1990 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР,
у 1991 г. яму было прысвоена званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".
У 2003г. В.Д.Анісенка стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь. |